Калі казаць пра свае пачуцці і развагі пасля заканчэння праекта, то галоўнае пачуццё –сум.
За гэтыя два гады столькі новых людзей сталі амаль што роднымі. І так не хапае гэтых сустрэч, размоў, абмеркаванняў… Але перайду да галоўнага. Сустракалася праз месяц пасля апошняй нашай імпрэзы з некаторымі прадстаўнікамі мэтавай групы. Пыталася пра іх ўражанне ад кнігі. І вось галоўнае , што пачула. ( Пераклала на беларускую мову, каб было зразумела)
“Прачытала назву кнігі і сэрца сціснулася… “Галасы вёсак , якія знікаюць”. Дык і галасы ж знікаюць! Як быццам назаўжды развітваешся…”
“А ўступ які! Сапраўды шмат чаго ўжо няма ў вёсцы: і пеўні так не гарлапаняць, і каровы не мычаць, і жанчыны не пераклікаюцца. Так балюча пра гэта думаць…”
“Як прыехала дадому з кніжкай, дык адразу і чытаць пачала. Да часу ночы не магла адарвацца.”
“Ой, я магу і не глядзець , хто гэта казаў. Адразу ,як чытаю тэкст, дык і ведаю, хто так у нас гаворыць.”
“Я ўжо можа 15 раз яе перачытала і яшчэ буду.”
“Чытаю гэтую кніжку і нібы жыццё зноў пражываю. Шмат чаго як пра мяне , з майго жыцця , запісана.”
“Вельмі цікава, чытаеш і ўзгадваеш сваю маладосць і што было “ колысь”.”
“Мы зараз усе нібыта адна сям’я ў гэтай кніжцы сабраны.”
“От я многіх ведаю , і мне цікава, а што ж яны вам сказалі.” (Дарэчы гэта таксама адна з матывацый прачытаць усю кнігу )
“ Помнік на могілках у Сороцнях вы зрабілі, мы казалі , што стагоддзі памятаць вас людзі будуць, але кніга галоўней апынулася. Дзецям, унукам, праўнукам перадавацца будзе.”
А яшчэ ёсць такая дэталь у развагах, якая зусім не здзіўляе, а наадварот , радуе. Некаторыя жанчыны шкадуюць, што фотаздымак зрабілі не ў той хустцы, або прычасалася б па-іншаму, калі б ведала , што ў кнігу пападзе. А радуе тое, што жанчынкі нашы і ў такім выкшталцонным узросце пра свой выгляд думаюць.